Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 12 Лістапад 2013

У Лёзьне паставілі бюст Марку Шагалу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Калісьці менавіта Лёзна называлі радзімай мастака. Цяпер дакладна вядома, што Марк Шагал нарадзіўся ў Віцебску, а ў Лёзьне жылі яго шматлікія сваякі, у тым ліку і дзядуля з бабуляй. Майстар пэндзьля ў аўтабіяграфічнай кнізе “Маё жыцьцё” пісаў: “Як я любіў прыязджаць у Лёзна, у твой дом, прапахлы сьвежымі каровінымі шкурамі! Барановыя мне таксама падабаліся. Уся твая амуніцыя вісела звычайна пры ўваходзе, каля самых дзьвярэй: вешалка з адзеньнем, капялюшамі, пугай і ўсім іншым глядзелася на фоне шэрай сьценкі, як нейкая фігура - ніяк не разгледжу яе як сьлед. І ўсё гэта мой дзядуля”.

У Трацьцякоўкай галерэі знаходзіцца карціна «Дом у Лёзьне», напісаная Шагалам у 1908 годзе. На жаль, стары будынак захавалася толькі на палатне, але аўтары бюсту - скульптары Аляксандар Гвозьдзікаў і Азат Тарасян - сьцьвярджаюць, што знайшлі сапраўдныя камяні ад падмурку і выкарысталі іх у стварэньні кампазыцыі.

Бюст усталявалі недалёка ад дому, які належаў крэўным Шагала, на тэрыторыі Лёзьненскага ваенна-гістарычнага музэю. Раней на будынку раённага Дому культуры прымацавалі мэмарыяльную дошку з надпісам: «На гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям’і, зь якой паходзіў мастак Марк Шагал». А на мясцовых могілках можна адшукаць магілы яго продкаў. Многія сваякі мастака ў ліку іншых габрэйскіх жыхароў Лёзна былі расстраляныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзімку 1942 году. Сёньня на гэтым жалобным месцы - у Адаменскім рове, куды часта падлеткам прыходзіў Марк Шагал, - усталяваны памятны знак.

У цырымоніі адкрыцьця бюсту ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Ізраіля Ёзэф Шагал, жыхары Лёзна.

Крыніца: Витебские вести