Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Верасень 2018

Пад канвоем і ў кайданках. Віцяблян пад прымусам адвезьлі на псыхіятрычную экспэртызу ў Менск

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард і Ігар Пастноў Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард і Ігар Пастноў

Вядомага ў Віцебску доктара-праўдаруба Ігара Пастнова і ягонага паплечніка Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда гвалтам адправілі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі – пад канвоем і ў кайданках. Як распавялі сьведкі, іх забралі ранкам 27 верасьня з будынку УСК па Віцебскай вобласьці, куды напярэдадні выклікалі позвай.

У жніўні 2018 году УСК па Віцебскай вобласьці распачаў у дачыненьні Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда крымінальную справу паводле ч.2  арт. 188 КК РБ (Паклёп). Віцяблян падазраюць у паклёпе на пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага. Абвінавачаньне пакуль не прад’яўленае.

“Надзелі кайданкі, зьбілі з ног – і ў машыну”

26 верасьня яны атрымалі позву з патрабаваньнем зьявіцца а 7-й раніцы ў сьледчы камітэт “для  правядзеньня сьледчых ды іншых працэсуальных дзеяньняў”. Разам з падазраванымі на сустрэчу ў СК пайшла іх агульная сяброўка Сьвятлана Каханоўская. Яна і стала сьведкам затрыманьня.

Паводле яе слоў, да 9-й раніцы нічога наогул не адбывалася, ніякія сьледчыя дзеяньні не праводзіліся. Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард напісалі скаргу, пазванілі ў Галоўнае ўпраўленьне СК у Менску і службу ўласнай бясьпекі.

“Недзе а 9-й гадзіне прыехаў канвой. На Кірылава і Пастнова надзелі кайданкі, зьбілі іх з ног і волакам пацягнулі ў канвойную машыну. Пастнову зрабілася кепска, ён пачырванеў, стаў задыхацца і цалкам магчыма, што страціў прытомнасьць. Зацягнулі ў машыну, зачынілі дзьверы і паехалі ў Менск”, – расказала Сьвятлана.

Кажа, што на патрабаваньне выклікаць урача, пачула такі адказ: “Ніякага вам урача ня будзе, зараз яго ў псыхушку пакладуць, там яго і вылечаць”.

Тэлефонная сувязь з віцяблянамі адразу ж была перарваная.

У правядзеньні экспэртызы адмовілі

Пасьля абеду Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард патэлефанаваў зь Менску сваёй паплечніцы Надзеі Куканос і паведаміў, што іх адпусьцілі.

“Ён расказаў, што экспэртызу ў Навінках праводзіць адмовіліся. Дактары патлумачылі сьледчай Руткоўскай, што прымусовая дастаўка выключае правядзеньне якой-кольвечы экспэртызы. Сьледчая пачала крычаць на дактароў, і яе выгналі з кабінэту. Тая села ў машыну і зьехала, кінуўшы ў Менску без грошай Пастнова і Кірылава-Шмільхольдхарда”, – расказала Куканос.   

Паводле яе слоў, сьледчая Руткоўская разам з канвоем вярнулася толькі пасьля таго, як віцябляне патэлефанавалі ў службу ўласнай бясьпекі СК РБ. Але ў машыну забралі толькі Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда. Паабяцалі, што за Пастновым прыедзе іншая. Ігар Пастноў сапраўды вярнуўся на іншым аўтамабілі і прыблізна а 18-й гадзіне быў у Віцебску. У верасьні 2017 году Ігара Пастнова ўжо дастаўлялі прымусова ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках. 

Кірылаў-Шмільхольдхард зьнік?..

А вось тэлефонная сувязь з Кірылавым-Шмільхольдхардам была страчаная, хоць той выехаў раней. На вечар 27 верасьня (19.00) ніякіх зьвестак пра тое, што ён вярнуўся з прымусовай паездкі на псыхіятрычную экспэртызу пакуль няма.

Зьміцер Міраш

2 камэнтары