Друкаваць гэтую старонку
Серада, 11 Снежань 2013

Доктар Ігар Пастноў: Магчыма, вы апошні раз бачыце мяне пры памяці і здаровым

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Віцебскі лекар Ігар Пастноў баіцца, што яго могуць паўторна накіраваць на прымусовае лячэньне. Пра гэта ён заявіў у відэазвароце, разьмешчаным на youtube.com: «Паводле інфармацыі добразычліўцаў мне стала вядома, што спроба можа паўтарыцца. Ідзе канец году, падводзяцца вынікі дзейнасьці нашага губэрнатара і гаспадаркі вобласьці. І з прэвэнтыўнымі мэтамі, ёсьць такая інфармацыя, будзе паўтораная спроба майго зьмяшчэньня ў псыхлякарню. Магчыма, вы апошні раз бачыце мяне пры памяці і здаровым. Вось чаму, пераадолеўшы страх, я вырашыў зьвярнуцца яшчэ раз».

Пастноў таксама выказвае абвінавачаньні на адрас мясцовых чыноўнікаў і міліцыі, якія, паводле яго слоў, змагаюцца зь нязгоднымі. «Уся вобласьць пераўтвораная ў адну вялікую палату № 6», жыхары якой «накормленыя, напоеныя, але пазбаўленыя элемэнтарных чалавечых правоў», сьцьвярджае віцебскі лекар.

«Я не магу маўчаць. Калі не спыніць гэты мэханізм, то наступным разам мяне папросту ня выпусьцяць, ператвораць у гародніну. Менавіта цяпер наша палітычная паліцыя ўсіх запалохвае, хто браў удзел у маёй абароне» — так растлумачыў Пастноў зьяўленьне свайго відэазвароту.

Напярэдадні запісу чарговага відэазвароту да суайчыньнікаў доктар Ігар Пастноў падаў скаргу ў Вярхоўны суд. Ён спрабуе аспрэчыць рашэньне суду Віцебскага раёну, дзе ў ягоную адсутнасьць і ў адсутнасьць адваката была прынятая пастанова пра прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Звароты ў абласны суд і да старшыні абласнога суду не дапамаглі: парушэньняў закону там не ўбачылі.

Ігар Пастноў распавёў, што скаргу яму дапамог скласьці віцебскі праваабаронца Пётар Іваноў. І што ў скарзе згадана, як падчас знаходжаньня ў віцебскім абласным псыхіятрычным шпіталі яго трымалі ў ізаляцыі: былі забароненыя наведваньні, ліставаньне і нават тэлефанаваньні. Праз гэта ён ня мог ні паведаміць сябрам пра судовы працэс, ні нават зьвязацца з адвакатам, каб той прадстаўляў ягоныя інтарэсы. Не прывезьлі на працэс ў Віцебскі райсуд і самога пацыента. Усё гэта Ігар Пастноў лічыць парушэньнямі сваіх правоў, а таму прапануе неадкладна ўнесьці зьмены ў закон «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі»:

«Гэта ня проста парушэньні – гэта парушэньні ўзаконеныя. Я лічу неабходным зьмяніць наяўны закон аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі, бо ён дае ўрачам неабмежаваную ўладу над пацыентам. На распараджэньне аднаго толькі лекара пацыента могуць ізаляваць – забараніць яму ліставаньне, усе зносіны, у тым ліку і праз тэлефон. Ён ня зможа ні паскардзіцца на катаваньні, на зьдзекі, ні нават зьвязацца з адвакатам, як гэта адбылося ў маім выпадку».

Нагадаем, Ігар Пастноў трапіў у псыхіятрычны шпіталь неўзабаве пасьля свайго чарговага крытычнага выступу. У распаўсюджаным праз інтэрнэт відэазвароце ён раскрытыкаваў дзейнасьць мэдычных установаў, і ў прыватнасьці, цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, дзе працаваў лекарам-нарколягам. Пастноў разважаў пра марнаваньне бюджэтных сродкаў на кадаваньне ад алькагалізму за дзяржаўны кошт, пра бядотны стан віцебскіх шпіталяў, якія гадамі не рамантуюцца. За гэта кіраўніцтва цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі ўпікала яго як за «неэтычныя паводзіны».

Доктар Пастноў ня згодны з пастаўленым яму псыхіятрычным дыягназам «разладзьдзе асобы паводле паранаідальнага тыпу». Ён хацеў бы незалежнага агляду ў іншых адмыслоўцаў, а не ў сваіх віцебскіх калег. Ён перакананы, што на ім была ўжытая карная псыхіятрыя – вядомы яшчэ з савецкіх часоў сродак барацьбы з іншадумствам:

«Пад такі дыягназ можна падвесьці ўсё што заўгодна. Бачыш недахопы навокал – значыць, маеш параною; лічыш, што трапіў у вар’ятню за крытыку – значыць, у цябе манія перасьледу; крытыкуеш старшыню аблвыканкаму ці сваё начальства – значыць, у цябе завышаная самаацэнка… І гэтак далей і далей! І ўсё гэта – падставы для зьмяшчэньня ў шпіталь з “абвастрэньнем хваробы”. І на тым самым ложку ў вар’ятні, дзе пабываў я, можа апынуцца кожны – палітык, праваабаронца, журналіст. Або звычайны чалавек, якога нехта захоча абвясьціць недзеяздольным з карысьлівымі мэтамі. Таму я і спрабую бараніць свае парушаныя правы, каб усе ведалі: мяне застрашыць не ўдалося. Але не хачу, каб гэткімі самымі мэтадамі страшылі іншых».

Паводле БелаПАН і Праваабарончага цэнтру “Вясна”