Друкаваць гэтую старонку
Серада, 25 Жнівень 2021

Дзяржінспекцыя: якасць паветра ў Наваполацку блізкая да нормы

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Стан паветра ў Наваполацку ў другім квартале 2021 году ацэньваўся мясцовай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя як вельмі добры і добры. Доля перыядаў з умеранай якасцю была нязначная. Перыяды са здавальняючай, дрэннай і вельмі дрэннай якасцю паветра зусім адсутнічалі.

У чэрвені ўзровень забруджвання атмасфернага паветра фармальдэгідам ў горадзе хімікаў быў вышэй, чым у Віцебску, але ніжэй, чым у Полацку і Воршы. У параўнанні з тым жа месяцам мінулага году ягоная колькасць павялічылася неістотна - на 4%.

Таксама ў чэрвені былі зарэгістраваныя 4 выпадкі перавышэння нарматыву ГДК па дадзеных арганічных злучэнняў. Максімальная з разавых канцэнтрацый фармальдэгіду перавышала ГДК у 1,4 разы, у раёне вуліцы Маладзёжнай, 158 – у 1,1 разы.

Максімальная сярэднесутачная канцэнтрацыя прыземнага азону складала 0,9 ГДК. У параўнанні з першым кварталам ягоная колькасць павялічылася на 27%. У аналагічным перыядзе мінулага году ўзровень забруджвання прыземным азонам быў вышэйшы ў 1,6 раза. Утрыманне ў паветры свінцу было стабільна нізкім, а кадмію - павялічылася.

У выніку бесперапынных вымярэнняў на аўтаматычнай станцыі, у параўнанні з першым кварталам узровень забруджвання дыяксідам серы знізіўся ў 3,6 разы, аксідам азоту - у 2,2 разы, дыяксідам азоту - у 1,4 разы, а аксідам вугляроду – на 29%. Калі супаставіць атрыманыя лічбы з вынікамі назіранняў на станцыі фонавага маніторынгу "Бярэзінскі запаведнік" , то сярэдняя за квартал канцэнтрацыя дыяксіду серы ў горадзе была вышэйшая у 14,5 разы, аксіду азоту - у 2,5 разы, дыяксіду азоту - у 2,3 разы. Наяўнасць бензолу ў паветры была стабільна нізкай.

Міхась Пісараў