Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Красавік 2021

У Віцебску адкрываецца школа бёрдвочынгу. Навучанне бясплатнае

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Фота: birdingbelarus.by Фота: birdingbelarus.by

У сталіцы паўночнага рэгіёну ўпершыню адкрыты набор у школу бёрдвочара – людзей, якія любяць назіраць за птушкамі. Бясплатныя курсы разлічаныя для ўсіх груп насельніцтва: ад школьнікаў да пенсіянераў. Запісацца можна да 27 красавіка. Адзіная ўмова: трэба стаць сябрам грамадскага аб'яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і запоўніць анкету на сайце.

«Школа разлічаная на любога чалавека, які зацікавіўся птушкамі. Мы вывучым 100 відаў самых звычайных і распаўсюджаных беларускіх птушак. Заняткі – ў фармаце лекцый з прэзентацыямі. Падчас заняткаў я распавядаю, у чым асаблівасць таго ці іншага віду, дзе яго можна сустрэць, у чым складанасці. Калі голас лёгка запомніць – звяртаю ўвагу і на яго», – кажа вядоўца курсаў арнітолаг Анастасія Кузьмянкова.

Каб праводзіць заняткі, яна кожны раз будзе прыязджаць з Менску.

Па словах Анастасіі, папулярнасць бёрдвочынгу ў Беларусі з кожным годам падвышаецца.

«Я магу яшчэ ўспомніць часы, калі людзі не чулі пра такую ​​прафесію, як арнітолаг. Зараз усе ведаюць значэнне гэтага слова, многія звяртаюць увагу на птушак, напрыклад дасылаюць мне фота ў Інстаграм на вызначэнне», – дзеліцца Анастасія.

У Заходняй Еўропе бёрдвочынг (англ. birdwatching) – ужо даўно папулярнае і распаўсюджанае хобі.

«З аднаго боку, птушкі досыць прыкметныя, зручныя для назірання, з другога – яны прыгожа спяваюць і самі бываюць прыгожа афарбаваныя. Сэнс бёрдвочынгу ў назіранні за імі. Назіраць можна за верабʼём або голубам – гэта ўжо і ёсць бёрдвочынгам. А як часта і доўга – гэта ўжо выбар кожнага. Ёсць вельмі заўзятыя бёрдвочары, якія пастаянна ездзяць па краіне ў пошуках новых для іх відаў птушак. А хтосьці, наадварот, назірае больш камерна, напрыклад – на сваім лецішчы ці ў парку побач з домам», – расказвае Анастасія Кузьмянкова.

Заняткі бёрдвочынгу ў Віцебску будуць праходзіць двойчы на ​​тыдзень у вячэрні час ад 27 красавіка да 26 траўня. Пачатак – у 18.00. У межах курсу запланаваны восем тэарэтычных лекцый у памяшканні і дзве суботнія экскурсіі, адна з якіх мае прайсці за горадам. Усе, хто паспяхова пройдуць курсы, атрымаюць сертыфікаты і новыя веды пра птушак, якія есць у нашых краях.

Уладзімір Бяляўскі