Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 28 Ліпень 2020

Віцябляне патрабуюць спыніць зьнішчэньне трамваяў у горадзе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Фота: T.leonid, wikipedia.org Фота: T.leonid, wikipedia.org

Амаль 1200 віцяблян падпісалі пэтыцыю да гарадзкіх уладаў супраць зьнішчэньня трамваяў у абласным цэнтры. На віцебскай вуліцы Гагарына, за рэканструкцыю якой узяліся пасьля адкрыцьця Полацкага пуцеправоду, ужо дэмантуюць трамвайныя пуці. Тое ж чакаецца на праспэкце Люднікава…

«І гэта неймаверна! Нашыя ўлады падтрымалі заможных аўтамабілістаў і наплявалі на найбольш неабароненыя пласты насельніцтва – на небагатых і пажылых людзей», – гаворыцца ў пэтыцыі.

Як мяркуюць аўтары пэтыцыі, зьнішчэньне трамвайных пуцей на вуліцы Гагарына не прывядзе да павелічэньня прапускной здольнасьці. Вынікам будзе павелічэньне колькасьці аўтамабіляў і ўзьнікненьне корак.

«Гэта значыць хуткі, экалягічны і ёмісты трамвай мы прамяняем на паркоўку для некалькіх дзясяткаў аўто», – сьцьвярджаецца ў звароце.

«Чаму дзяржава знайшла грошы на дарагую разьвязку, а на рамонт трамвайных пуцей – не? Замена трамвая на аўтобус выглядае яшчэ больш недарэчна перад хуткім запускам Беларускай АЭС. З аднаго боку, мы думаем, куды дзець лішак электраэнэргіі, а з другога – пазбаўляемся ад электрычнага віду транспарту – трамвая – на карысьць дызэльнага аўтобуса. Дзе лёгіка?..» – пытаюцца аўтары пэтыцыі.

Яны просяць перагледзець рашэньне аб пашырэньні праезнай часткі і скасаваньні трамвайнага руху на праспэкце Люднікава і вуліцы Гагарына і пачаць рамантаваць на гэтых вуліцах трамвайныя пуці ды аднавіць у далейшым рухомы склад.

Як пісалі «Народныя навіны Віцебска», гараджанам нічога невядома аб праекце рэканструкцыі вуліцы Гагарына акрамя таго, што на ёй плянуецца наладзіць шасьціпалосны рух для аўтамабіляў. Шмат хто баіцца, што ў выніку пашырэньня будуць высечаныя дрэвы. Абмеркаваньня справаздачы аб узьдзеяньні працаў на навакольнае асяродзьдзе таксама не праводзілася.

Першы трамвай зьявіўся ў Віцебску яшчэ ў 1898 годзе – раней за іншыя гарады Беларусі. Згодна з дадзенымі 2017 году, даўжыня трамвайных пуцей у Віцебску складала 36,1 км, а колькасьць перавезеных пасажыраў складала больш за 30 млн. чалавек за год.

Пэтыцыю можна падпісаць да 30 ліпеня. Яна будзе накіраваная ў Віцебскі аблвыканкам і гарвыканкам.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.