Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Чэрвень 2018

У Віцебску паказалі сцэнар энэргетычнай рэвалюцыі ў Беларусі – уражвае

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Фота: publicradiotulsa.org Фота: publicradiotulsa.org

У межах “Сьвята ветру” 23 чэрвеня ў Віцебску прэзэнтавалі альтэрнатыўны сцэнар разьвіцьця беларускай энэргетыкі. Сцэнар энэргетычнай [р]эвалюцыі быў створаны па мэтадалёгіі Greenpeace, і ў ім няма месца атамнай энэргіі. Паводле аўтараў канцэпцыі, Беларусь мае магчымасьць у 2050 годзе атрымліваць 86% усёй энэргіі праз узнаўляльныя крыніцы – вецер, сонца і біямасу.

Падрабязьней пра сцэнар энэргетычнай рэвалюцыі ў Беларусі расказаў прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня “Экадом” Зьміцер Герыловіч. Паводле эколяга, альтэрнатыўныя сцэнары быў выкананы спецыялістамі Нямецкага АэраКасмічнага Цэнтру (DLR) паводле мэтадалёгіі “Грынпіс”. Падобны сцэнар маюць усе разьвітыя краіны сьвету. Цяпер да іх далучылася і Беларусь.

Навошта гэта патрэбна?

Зьміцер Герыловіч кажа, што распрацоўка падобнага сцэнару – гэта магчымасьць мець пад рукой дадатковыя і моцныя аргумэнты ў спрэчцы супраць атамнай энэргіі.

Зьміцер Герыловіч падчас прэзэнтацыі

“Ёсьць шэраг праблем, зь якімі мы сутыкнёмся ў пэрыяд з 2022-га па 2025-ы год, бо будзем жыць у краіне максымальна непатрэбнай электраэнэргіі. Як сьцьвярджаюць экспэрты, лішак вытворчасьці электраэнэргіі будзе складаць каля 2 ГВт. Гэта вельмі шмат, гэта, па сутнасьці, магутнасьць абодвух энэргаблёкаў меркаванай АЭС”, – сьцьвярджае Зьміцер.      

Але ёсьць іншы сцэнар. Ажыцьцяўленьне альтэрнатыўнай канцэпцыі прывядзе да стварэньня ў 2050 годзе максымальна ўстойлівай энэргасыстэмы, у якой 86% усёй неабходнай для Беларусі энэргіі будзе здабывацца з узнаўляльных крыніц энэргіі – ветру, сонца, біямасы, геатэрмальных крыніц.

Ніякай нафты ці атаму! Гэта сапраўды нагадвае рэвалюцыю.

Некалькі высноваў альтэрнатыўнага праекту

Сцэнар энэргетычнай [р]эвалюцыі для Беларусі ўяўляе сабой вельмі ёмісты, багаты на разьлікі і графікі дакумэнт, якога пакуль няма ў вольным доступе ў інтэрнэце. Па сутнасьці, прэзэнтацыя ў Віцебску сталася першай у Беларусі.

Для большай пераканаўчасьці аўтары карыстаюцца ў ім мэтадам параўнаньня паказьнікаў базавага (дзейнага ў Беларусі) сцэнару (АЭС і прыярытэт вугляродных крыніц) з альтэрнатыўным (узнаўляльныя крыніцы). Вось некалькі высноваў, да якіх прыходзяць распрацоўшчыкі энэргетычнай [р]эвалюцыі ў Сінявокай.

  • Калі нічога ня будзе мяняцца, памер электраэнэргіі, якая будзе патрэбная Беларусі, падвысіцца на 42%. Пры альтэрнатыўным сцэнары нават неабходнасьць у электраэнэргіі скараціцца на 24%, то бок амаль на чвэрць.
  • Альтэрнатыўны сцэнар прадугледжвае да 2050 году зачыніць атамную электрастанцыю. Бо, паводле разьлікаў, да 2050 году 92% электраэнэргіі, вырабленай у Беларусі, будзе паступаць з узнаўляльных крыніц энэргіі. Усталяваная магутнасьць узнаўляльных крыніц энэргіі можа складаць 10 ГВт у 2030 годзе і 50 ГВт – у 2050-м.
  • Паводле прагнозаў альтэрнатыўнага сцэнару, у 2050 годзе каля 40% аўтатранспарту будзе працаваць на электрычных рухавіках. Выкіды ў атмасфэру вуглякіслага газу зьнізяцца ажно ў 7 разоў.
  • На сёньня ўзнаўляльныя крыніцы задавольваюць каля 10% попыту электраэнэргіі для ацяпленьня (найперш – за кошт выкарыстаньня біямасы). А па сцэнары энэргетычнай рэвалюцыі будуць задавольваць 33% ад агульнай патрэбнасьці ў 2030 годзе і 80% – у 2050-м.
  • Паводле базавага сцэнару 1 КВт будзе каштаваць у 2050 годзе 11 цэнтаў, паводле альтэрнатыўнага – 9 цэнтаў…

Колькі каштуе рэвалюцыя?..

Натуральна, каб дасягнуць сьветлага будучага, Беларусі трэба інвэставаць у сфэру энэргетыкі велізарныя грошы.

Як расказаў Зьміцер Герыловіч, ажыцьцяўленьне сцэнару энэргетычнай рэвалюцыі абыдзецца краіне ажно ў 80 млрд. даляраў (да 2050-га). Гэта пры тым, што ВУП Беларусі складае на дадзены момант каля $48 млрд. Між тым, прывычная пасьлядоўнасьць дзеяньняў (базавы сцэнар) вымагае ўсяго $30 млрд.

Здавалася б, рухацца па наежджанай каляіне будзе куды таньней. Але насамрэч гэта ня так. 

“Справа ў тым, што ўзнаўляльныя крыніцы энэргіі не прадугледжваюць выдаткаў на паліва. Эканомія выдаткаў на паліва ў сцэнары энэргетычнай рэвалюцыі дасягае 60 млрд. даляраў! Атрымліваецца, укладаем 80 млрд., але зьберагаем 60 млрд. У разьліку да 2050 году – у сярэднім $1 млрд. даляры за год”, –  сьцьвярджае прадстаўнік “Экадому”.

Ці магчымая энэргетычная рэвалюцыя ў Беларусі

Зьміцер Герыловіч мяркуе, што ўсё магчыма, але патрэбная палітычная воля.

“Пакуль што краіна рэалізуе базавы сцэнар, але гэта ня значыць, што альтэрнатыўны ня можа ажыцьцявіцца. Калі будзе вельмі вялікая палітычная воля, то можна рабіць хоць 100% узнаўляльнай энэргіі. Без палітычнай волі вельмі часта нічога не адбываецца”, – гаворыць Зьміцер.

Зь ягоных словаў, палітычны чыньнік у гэтым сэнсе найважнейшы. І самы прагрэсіўны сцэнар можа раптам даць збой, калі да ўлады ў асобна ўзятай краіне прыходзіць палітык кшталту Дональда Трампа…   

Пару заўваг наконт ГЭС

На думку Зьмітра Герыловіча, праектаваньне і будаўніцтва ГЭС у Беларусі (пры адначасовым узьвядзеньні АЭС) наўпрост зьвязаныя з моцным лобі ў Мінэнэргетыкі. Ці ўпісваюцца ГЭС у рэвалюцыйны сюжэт Greenpeace?

“Сапраўды, вада таксама зьяўляецца ўзнаўляльнай крыніцай энэргіі, але з будаўніцтвам ГЭС зьвязаны шэраг экалягічных праблем… Паглядзіце, якую плошчу на ГЭС займаюць тыя ж вадасховішчы. Зьнікаюць цэлыя вёскі, лугі, лясы, якія былі на яго месцы. Праз будаўніцтва ГЭС амаль цалкам зьмяняюцца экасыстэмы пэўнай тэрыторыі”, – гаворыць эколяг.

Пры гэтым заўважае, што, на жаль, грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва Бешанковіцкай АЭС прайшло для “Экадому” незаўважна (“Вельмі дзіўна, што гэта прайшло міма нас”).

Нагадаем, грамадзкія абмеркаваньні скончыліся 5 траўня і не атрымалі аніякіх заўваг ад эколягаў і грамадзтва. Між тым, распрацоўшчыкі справаздачы сьцьвярджаюць, што праз будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС у зону затапленьня патрапіць 223,65 га ляснога фонду, загіне 176,79 га пакрытых лесам зямель.

Прэзэнтацыя сцэнару энэргетычнай [р]эвалюцыі адбылася ў віцебскім арт-пабе Torvald на Дзень гораду.

Зьміцер Міраш