Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Студзень 2023

Прыняты бюджэт Віцебска эксперты ацэньваюць як невыканальны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Напрыканцы снежня мінулага года дэпутаты гарсавета зацвердзілі інвестыцыйную праграму і бюджэт Віцебска на 2023 год. На думку незалежных экспертаў, эканамічная праграма віцебскіх улад выглядае залішне аптымістычнай з прычыны страты рынкаў збыту Украіны і заходніх краін, дэградацыі гарадской прамысловасці і палітычнай і эканамічнай эміграцыі кваліфікаваных працаўнікоў у Расію, у Польшчу і ў дзяржавы Балтыі. 

Аб'ём бюджэту на 2023 год па даходах вызначаны ў суме 477,4 мільёна рублёў, па расходах - у суме 467,7 мільёна рублёў. Дэпутаты хоць і заяўляюць, што разлічваюць на тое, што гадавы фінансавы план горада будзе бездатацыйным, але каб ён стаў такім, прадпрыемствам горада неабходна дадаткова зарабіць і пералічыць у гарадскую казну як мінімум 46 мільёнаў рублёў. 

Мясцовыя заканадаўцы лічаць, што гэтая мэта будзе дасягнута ў выпадку, калі ў кожным раёне абласнога цэнтра будуць рэалізаваны інвестыцыйныя праекты.

Кіраўніцтва Першамайскі раён робіць стаўку на "Віцебскія дываны", дзе збіраюцца наладзіць выпуск грунтавых тканін, і на "Віцьбу", тут рыхтуюцца пачаць выпуск вафельных трубачак з начыннем. 

У Кастрычніцкім раёне навацый чакаюць ад "Палімерканструкцыі" і прадпрыемства "БРР Аршыё ЭКА Здароўе", дзе маюць намер стварыць вытворчасць біяраскладальнага аднаразовага посуду. 

У Чыгуначным раёне машынабудаўнічая кампанія "Віцебскія пад'ёмнікі" збіраецца пабудаваць завод па вытворчасці гідраўлікі, а прадпрыемства "Прамысловая група "Адаман" адкрые цэх па выпуску вырабаў з металу для рамонту сельгас- і лесанарыхтоўчай тэхнікі. Аднак падобныя пражэкты не дапамогуць у 2023 годзе здзейсніць эканамічны рывок. Бо на вафельных люлечках мільёнаў не заробіш.

Віталь Кажух