Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 21 Кастрычнік 2021

Каб аб'явіць зніклага чалавека ў вышук, у праваабаронцы запатрабавалі даверанасць

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Лёс асуджанага да вышэйшай меры пакарання Віктара Паўлава, ад якога больш за 6 месяцаў няма ніякіх звестак, пакуль застаецца нявысветленым. Першы намеснік начальніка Дэпартаменту па выкананні пакаранняў МУС РБ Іван Мысліцкі ўхіліўся адказаць па сутнасці на заяву праваабаронцы Паўла Левінава аб знікненні асуджанага да расстрэлу.

Прычыну адмовы пачаць пошук без вестак зніклага Віктара Паўлава патлумачылі так: грамадзяне рэалізуюць права на зварот у дзяржаўныя органы асабіста або праз сваіх прадстаўнікоў. На думку міліцэйскага дэпартаменту, Павел Левінаў мусіў быў узяць даверанасць, каб прадстаўляць інтарэсы зніклага, і толькі пасля гэтага звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай аб знікненні чалавека.

«Згодна з патрабаваннямі артыкулу 12 Закону, да пісьмовых зваротаў прыкладаюцца дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы асобаў, якія звяртаюцца ад імя іншых грамадзян. Дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы асуджанага Паўлава В.А., не прыкладзеныя», - паведаміў першы намеснік начальніка ДВП МУС РБ Іван Мысліцкі праваабаронцу.

Павел Левінаў чакаў такога павароту падзей. Цяпер ён шукае прававыя магчымасці і працэсуальныя працэдуры, каб дагрукацца да чыноўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў краіны і канчаткова высветліць лёс асуджанага да расстрэлу Віктара Паўлава.

Віталь Кажух