Друкаваць гэтую старонку
Субота, 12 Чэрвень 2021

За абразу міліцыянта віцяблянін можа трапіць на «хімію»

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Упраўленне па Віцебскай вобласці ГУУБ МУС выйшла на чарговага інтэрнэт-карыстальніка, які нібыта мае дачыненне да публічнай абразы супрацоўніка міліцыі. На падставе атрыманых дадзеных праверкі аператыўнікі завялі крымінальную справу паводле артыкулу 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

Падазраваны ў абразе супрацоўніка МУС - 40-гадовы беспрацоўны жыхар Віцебска, які ў нецэнзурнай форме выказаўся на адрас ўчастковага інспектара міліцыі Бабруйскага ГУУС. Следчыя выявілі, што ў дзеяннях падазраванага нібыта прысутнічаюць усе прыкметы злачынства, якія паказваюць на абразу міліцыянта.

Свае дзеянні мужчына патлумачыў эмацыйнай рэакцыяй на ілжывую інфармацыю ў сацсетках. Ён раскаяўся і папрасіў прабачэння ў супрацоўніка міліцыі.

Таксама стала вядома, што ў верасні 2020 году віцяблянін прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя дзеянні ў дачыненні да іншых службовых асобаў. Акрамя таго, у сакавіку 2021 году ён адбываў адміністрацыйны арышт за размяшчэнне на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы нацысцкай сімволікі.

Матэрыялы праверкі перададзеныя ў СК.

Адзначаецца, што гэтым разам мужчыне пагражае не адміністрацыйная, а крымінальная адказнасць.

У выпадку, калі падчас судовага разгляду будзе ўстаноўлены факт абразы міліцыянта, фігуранту справы пагражае да трох гадоў абмежавання волі ("хімія").

Міхась Пісараў