Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Лістапад 2022

У навучальных установах Полацкага раёну рэалізуюць праект «Антибуллинг»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Назва праекту паходзіць ад ангельскага слова «bullying» – запалохванне, фізічны або псіхалагічны тэрор з боку групы раўнагодкаў, форма жорсткіх зносінаў, калі больш моцная ў фізічным ці псіхічным сэнсе асоба або групоўка трымае ў страху аднаго чалавека. Праект накіраваны на тое, каб навучыць падлеткаў змагацца з цкаваннем і запалохваннем у вучнёўскім калектыве.

Савецкая педагогіка, а за ёй і сучасная беларуская апрыёры сцвярджалі, што ў класе ці студэнцкай групе ўсе роўныя, а выпадкі здзекаў і беспадстаўных нападак – гэта рэдкае выключэнне з правілаў. Перамяніць меркаванне змусілі масавыя спробы і выпадкі суіцыду ў дзіцячым і падлеткавым узросце, калі высвятлялася, што падставай былі адсутнасць узаемаразумення, калектыўны байкот ці насмешкі з боку равеснікаў.

Праект «Антибуллинг» рэалізуе цэнтр «Откровение», які працуе з падлеткамі і створаны пры дзіцячай паліклініцы. Ён ажыццяўляе, у тым ліку, і псіхалагічную падтрымку –менавіта яе бракуе ахвяры тэрарыстычных паводзінаў. Да выхаваўчай працы далучаюцца і прадстаўнікі іншых структур. Адмыслоўцы цэнтру прыходзяць у навучальныя ўстановы, тлумачаць алгарытмы ўзнікнення непаразуменняў, распавядаюць пры віды, прыкметы і наступствы цкавання, тлумачаць, што ніводная сітуацыя не вымагае прыніжэння чалавечай годнасці з пазіцыі сілы, раяць, што трэба рабіць, калі чалавек стаў ахвярай або сведкам здзекаў ці маральнага ціску.

Вельмі часта настаўнікі не заўважаюць у дзіцячым калектыве парушэнняў правоў асобы або імкнуцца ўрэгуляваць сітуацыю метадам загадаў ці запалохвання. Што да ахвяраў і ініцыятараў цкавання, то яны, як правіла, імкнуцца прыхаваць сітуацыю ад вачэй дарослых. Таму сутнасць навучальнай дзейнасці ў межах праекту «Антибуллинг» палягае ў тым, каб дапамагчы дзецям і падлеткам самастойна знаходзіць цывілізаваныя спосабы пазбягаць варажнечы. Паралельна да навучэнцаў даносяць і прававыя веды – што за ўчынкі на шкоду іншай асобе заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Актуальнасць вырашэння праблем узаемаадносінаў у дзіцячых калектывах вызначаюць дадзеныя апошніх апытанняў, праведзеных у асяродку беларускіх падлеткаў. Паводле вынікаў, кожны другі ўдзельнік апытання з ліку навучэнцаў установаў сярэдняй адукацыі і двое з пяці навучэнцаў установаў прафесійна-тэхнічнай адукацыі пацярпелі ад гвалту. Пра цкаванне распавялі 53,3% выхаванцаў інтэрнатных установаў, вучняў 8-11 класаў; 60, 1% з ліку вучняў 5-7 класаў звычайных школ і 82,1% іх равеснікаў з інтэрнатных установаў.

Міхась Хмара