Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 30 Кастрычнік 2022

Неабыякавыя аршанцы добраўпарадкавалі мемарыял на месцы сталінскіх расстрэлаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

29 кастрычніка група жыхароў Воршы ўшанавалі памяць расстраляных ахвяраў сталінізму ва ўрочышчы Кабыляцкая гара. Пра гэтае трагічнае месца стала вядома яшчэ за некалькі год да таго, як адкрылася праўда пра менскія Курапаты: у верасні 1982 года ў Воршы падчас будаўніцтва чыгуначнага адгалінавання Ворша-Паўночная была знойдзена яма з рэшткамі целаў 50 расстраляных. Але дакладная колькасць загінулых тут людзей не вядомая, паводле розных ацэнак – ад 300 да 5000 чалавек. У 1989г. тут прайшоў першы мітынг-рэквіем, арганізаваны тагачаснымі сябрамі Беларускага Народнага Фронту. У 1990г. па ініцыятыве аршанскай грамадскасці на месца расстрэлаў быў пастаўлены першы мемарыяльны крыж.

Тое, што расстраляныя былі ахвярамі сталінізму, прызнала адмысловая камісія, у якую ўвайшлі пракурор, судовы эксперт, прадстаўнікі ваенкамату і міліцыі. Праўду пра расстрэлы пацвердзілі падчас апытанняў і мясцовыя жыхары.

У пачатку 1990-х да ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму былі далучыліся нават аршанскія ўлады: з дазволу гарвыканкаму і пры ягоным садзеянні ў 1994 годзе на Кабыляцкай гары быў усталяваны помнік –валун з памятнай шыльдай. Аднак пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі памінальная традыцыя была практычна забаронена, і клопат пра помнік на месцы расстрэлаў пад Воршай стаўся цалкам грамадскай справай. Штогод напярэдадні Дзядоў аршанцы ладзілі тут прыборку, ускладалі кветкі і запальвалі свечкі.

Пра гэтае месца расстрэлаў з цягам часу даведаўся шмат хто з нашчадкаў сталінскіх ахвяраў. Вакол помніка-валуна пачаў утварацца самаробны мемарыял: людзі ставілі крыжы і помнікі ў памяць пра загінулых родзічаў, знаёмых, аднавяскоўцаў. Сёння тут ёсць асобны помнік, усталяваны ў памяць пра расстраляных пад Воршай асобаў польскай нацыянальнасці, а на дрэвах у гэтым «расстрэльным лесе» можна ўбачыць некалькі дзясяткаў шыльдачак з імёнамі загінулых.

Некалькі гадоў таму была ўтворана грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», якая аб’яднала нашчадкаў ахвяраў сталінізму. Яны дамагліся, каб на помніку з’явілася новая шыльда замест ранейшых, знішчаных невядомымі вандаламі. На шыльдзе змешчаны надпіс на чатырох мовах: «Месца памяці і смутку».

Штогод напярэдадні Дзядоў і Радаўніцы сюды прыходзяць неабыякавыя людзі. Сёлета таксама тут зрабілі прыборку, усклалі кветкі і запалілі свечкі ў памяць пра ахвяраў камуністычнага тэрору.

Юрка Жмых