Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Лістапад 2020

Віцябляне ўшанавалі памяць аб забітым Рамане Бандарэнку – відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Кветкі і знічкі каля мемарыялу. 13 лістапада Кветкі і знічкі каля мемарыялу. 13 лістапада

13 лістапада жыхары Віцебску прынеслі кветкі і знічкі да мемарыялу воінам-інтэрнацыяналістам, каб ушанаваць памяць забітага Рамана Бандарэнкі, які ўчора сышоў з жыцця ў менскай больніцы. Каля каталіцкага катэдральнага касцёлу людзі зладзілі таксама ланцуг памяці і хвіліну маўчання.

У 12.00 у Віцебску, як і ва ўсёй Беларусі, пачалася акцыя ўшанавання памяці аб менчуку Рамане Бандарэнку, які ўчора сышоў з жыцця пасля цяжкай аперацыі. Пасля затрымання на плошчы Перамен у Менску ён быў моцна збіты «ціхарамі». Выратаваць ягонае жыццё лекары не змаглі.

Каб развітацца і аддаць належнае герою, дзясяткі віцяблян усклалі 13 лістапада кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Нягледзячы на тое, што раён мемарыялу «кантраляваўся» супрацоўнікамі МУС у форме і без формы, людзі змаглі зладзіць хвіліну маўчання. Кветкі ў знак памяці аб загінулым беларусе гараджане прыносілі да помніка цягам усяго дня.

У гэты ж дзень каля 20 жыхароў Віцебску зладзілі ланцуг памяці каля катэдральнага касцёлу Езуса Міласэрнага на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыналістаў. Людзі стаялі ў ланцугу са знічкамі, плакатамі і партрэтамі Рамана Бандарэнкі.

Праз паўтары хвіліны пасля пачатку акцыі да прыпынку насупраць касцёлу пад'ехаў міліцэйскі мікрааўтобус. Удзельнікі ланцугу былі вымушаныя адысці на тэрыторыю храма. Кветкі і знічкі паклалі да вялікага крыжу перад касцёлам. Міліцыянты фіксавалі ўдзельнікаў на відэакамеры.

Інфармацыя аб затрыманнях падчас акцый на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў пакуль не пацвердзілася.

Зміцер Міраш