Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 28 Люты 2013

Віцебскі кіраўнік руху «За свабоду» хоча прымусіць лекараў да супрацы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Хрыстафор Жаляпаў Хрыстафор Жаляпаў

Абласны каардынатар Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў накіраваў у суд Кастрычніцкага раёну Віцебску заяву аб прымусе лекараў да заключэньня дамовы аб мэдычным абслугоўваньні мітынгу. Згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 10.07.2009 № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”, заяўнікі вулічнага мерапрыемства, калі яго арганізатарам не зьяўляюцца дзяржворганы, павінны да заявы прыкладаць дамову, загадзя заключаную з установай аховы здароўя аб мэдычным абслугоўваньні падчас правядзеньня мерапрыемства.

“Дзяржаўная ўстанова аховы здароўя “Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка” на мой ліст аб заключэньні дамовы адказала адмовай. Гэтую адмову лічу незаконнай і неабгрунтаванай. Для мірнага ўрэгуляваньня праблемы заключэньня дамовы на мэдычнае абслугоўваньне масавага мерапрыемства я зьвярнуўся з заявай у Віцебскі гарвыканкам, але пасьля зносін маіх прадстаўнікоў з кіраўніцтвам адказчыка зразумеў, што без звароту ў суд пытаньне ня вырашыш”, - піша ў заяве у суд Хрыстафор Жаляпаў.

Каардынатар Руху “За Свабоду” Віцебскай вобласьці мяркуе, што адмова ў заключэньні публічнай дамовы на мэдычнае абслугоўваньне масавага мерапрыемства грамадзян парушае канстытуцыйныя правы на свабоду масавых мерапрыемстваў. Хрыстафор Жаляпаў просіць суд прыняць рашэньне аб прымусе адказчыка - дзяржаўнай установы аховы здароўя “Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка” заключыць зь ім дамову на мэдычнае абслугоўваньне падчас меркаванага мітынгу ў віцебскім парку 30-годзьдзя ВЛКСМ 25 сакавіка 2013 году.

Рух “За свабоду”