Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 23 Сакавік 2014

У Полацку і Наваполацку лекары на тыдзень адмовяцца ад правядзеньня абортаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

27-28 сакавіка, па блаславеньні мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, у Наваполацку і Полацку пройдзе акцыя «Разам - у абарону жыцьця». У межах акцыі на працягу тыдня, з 27 сакавіка па 3 красавіка, у шпіталях і жаночых кансультацыях Наваполацку і Полацку мэдычныя работнікі адмовяцца ад зьдзяйсьненьня штучнага перапыненьня цяжарнасьці (абортаў).

Урачыстая цырымонія адкрыцьця акцыі адбудзецца 27 сакавіка. У гэты дзень на базе радзільні Наваполацкага цэнтральнага гарадзкога шпіталя пройдзе форум «Традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасьці як аснова нацыянальнай дэмаграфічнай бясьпекі Беларусі».

28 сакавіка ў лекцыйнай залі Наваполацку адбудзецца навукова-практычны сэмінар «Роля мэдыцыны і акушэраў-гінэколягаў ў вырашэньні дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі ва ўмовах 21 стагодзьдзя». Пройдуць майстар-клясы па кансультаваньні жанчын у сытуацыях крызыснай цяжарнасьці.

У межах тыдня незьдзяйсьненьня абортаў заплянавана правядзеньне агульнашкольных бацькоўскіх сходаў, на адкрытых пляцоўках Наваполацку і Полацку пройдуць вулічныя акцыі «Разам у абарону жыцьця» з удзелам моладзі, майстар-клясы па навучаньні валянтэраў папулярызацыі сямейных каштоўнасьцяў і прафіляктыцы залежнасьцяў, літаратурна-музычная гасьцёўня.

У мерапрыемствах возьмуць удзел прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і Віцебскага аблвыканкаму, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у прыватнасьці кіраўнік Цэнтру абароны мацярынства і сямейных каштоўнасьцяў БПЦ сьвятар Дзьмітры Грыцэнка, супрацоўнікі Міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям’я - Яднаньне - Айчына».

Акцыя «Разам - у абарону жыцьця» ладзіцца ў межах рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гг. Мэтай мерапрыемства зьяўляецца прыцягненьне шырокай грамадзкай увагі да пытаньняў сям’і, павелічэньня нараджальнасьці, скарачэньня колькасьці штучных абортаў, фармаваньня ў моладзі пазытыўнага стаўленьня да сямейных каштоўнасьцяў.

Крыніца: Собор.by