У першыя ж гадзіны міліцыянты склалі каля 70-ці пратаколаў па двух артыкулах КаАП - арт. 24.23 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Прычым міліцыянты прымушалі людзей пісаць заявы згоду на судовы разгляд пратаколаў у іх адсутнасць, пагражаючы тым, што “пасадзяць на “суткі”.
Некалькі чалавек ужо асуджаныя на 7 сутак арышту. Сярод іх – жыхар Мінска, якога міліцыянты публічна абвясцілі “арганізатарам” несанкцыянаванага мерапрыемства. Другую “арганізатарку”, настаўніцу з Гродна, да суду адпусцілі, паведамляе Радыё Свабода”.
Вядома і пра некалькі штрафаў. Тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю/Новости Витебска» распавёў, што аднаму з удзельнікаў “Беларускай вясёлкі” прысуджаны штраф памерам 25 базавых велічынь (1 125 рублёў).
Усе сем'і, якія былі на фестывалі зь дзецьмі, па месцы жыхарства паставілі на ўлік “СОП” (сацыяльна-небяспечнае становішча). Замежным грамадзянам ( на імпрэзе было каля 60 грамадзян Расіі) пагражалі дэпартацыяй, большая частка з іх ужо пакінула Беларусь самастойна, не чакаючы прымусовых захадаў.
Ліна Магілянская