Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 01 Жнівень 2022

Наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына асудзілі чацвёрты раз запар на 15 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Наваполацкім ЦІПе ён знаходзіцца з 15 чэрвеня.Паводле апошняй пастановы суддзі Зінаіды Балаболавай, ягоны арышт мае расцягнуцца на 2 месяцы – да 14 жніўня. У гарадскім судзе Наваполацку яго чацвёрты раз прызналі вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП – за рэпост з «экстрэмісцкага» канала. Праваабаронцам стала вядома, што два ранейшыя арышты актывісту былі прысуджаныя нават не за рэпосты, а толькі за падпіску на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы.

Яшчэ адзін з ранейшых арыштаў Андрэю Галавырыну прысудзілі за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне (ч.1 арт. 24.23 КаАП) – за жоўта-блакітны сцяг на аватарцы ў сацыяльных сетках. Паводле сваякоў, у Наваполацкім ЦІПе актывіст перанёс гіпертанічны крыз, але гэта не паўплывала ні рашэнні суддзі Зінаіды Балаболавай, якая чатыры разы запар судзіла Галавырына.

1 жніўня на Полаччыне прайшоў яшчэ адзін суд над мясцовым актывістам. Да 25 сутак арышту быў асуджаны жыхар Полацку Сяргей Хвасцёнак, прыхільнік руху «За Свабоду», спартовец-аматар, арганізатар і ўдзельнік роварных падарожжаў. Падрабязнасці абвінавачання пакуль не вядомыя. Але мінулы раз, у кастрычніку 2021г., Хвасцёнак быў асуджаны на 10 сутак за рэпосты двух спасылак з канала, прызнанага экстрэмісцкім: пра музычны канцэрт і ЧС па хакеі.

Міхась Хмара