Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 26 Студзень 2021

Студэнт Цімафей Журкевіч выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Цімафей Журкевіч Цімафей Журкевіч

Студэнт ВДТУ Цімафей Журкевіч, затрыманы 16 студзеня пасля ператрусу ў ягонай кватэры, 26 студзеня выйшаў на волю. Каля віцебскага СІЗА-2 яго сустракалі бацькі, сябры і паплечнікі. Трое сутак ён правёў у следчай камеры як падазраваны ў крымінальным злачынстве, 7 сутак – у камеры ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ), адбываючы пакаранне па адміністрацыйнай справе.

«Усё добра. Людзі там нармальныя. Я троху баяўся, думаў, ну, кантынгент адпаведны будзе. Але ў асноўным сядзеў з хлопцамі, якія троху выпіваюць і троху крадуць. А так – усе ведаюць палітычных, ніхто да іх кепска не ставіцца. Толькі што нудна, мазгі галадаюць, і трэба чымсьці іх падсілкоўваць. Займаўся палітызацыяй сукамернікаў ды разгадваў судоку», – расказаў па вызваленні Цімафей Журкевіч.

Ён пацвердзіў інфармацыю, што падчас ператрусу ў яго забралі жорсткі дыск камп'ютара і мабільны тэлефон. Патлумачыў, што крымінальная справа, у якой ён праходзіў як падазраваны, тычылася пагрозаў, якія паступалі праз тэлефон аднаму з вайсковых службоўцаў.

«Ну, мне так падаецца, што ў той справе можна наагул кожнага чалавека браць, таму што людзі ж са сваіх тэлефонаў пагрозы пісаць не будуць. А з другога боку – калі вы ўжо ідэнтыфікавалі людзей, якія пагражалі, дык навошта вы турбуеце іншых. Гэта быў нейкі акт ціску ці запалохвання мяне, так я гэта ўспрымаю», – выказаў думку Журкевіч.

Пасля таго як Цімафей адбыў 72 гадзіны як падазраваны ў крымінальным злачынстве, яго амаль адразу затрымалі па адміністрацыйнай справе паводле арт. 23.34 КаАП – за ўдзел у студэнцкім відэазвароце да ўладаў, які быў апублікаваны яшчэ напрыканцы кастрычніка. Журкевіча прысудзілі да 7 сутак арышту. Нагадаем, 29 снежня 2020 году па той жа справе ўжо былі асуджаныя трое студэнтаў ВДТУ, а 16 студзеня за ўдзел у тым жа відэазвароце 7 суткамі арышту была пакараная студэнтка медуніверсітэту Паліна Нітчанка.

Адзначым, што Паліна Нітчанка дагэтуль застаецца за кратамі віцебскага СІЗА-2, бо 22 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску (суддзя Царыкаў) прысудзіў ёй па скайпе яшчэ 10 сутак арышту – за ўдзел у акцыі салідарнасці 14 снежня ў будынку ВДМУ.

Зміцер Міраш