Віцебская апазыцыя аб’ядналася, каб адзначыць Дзень Волі разам
У Віцебску створаная кааліцыя па супольным сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка. У склад кааліцыі ўвайшлі большасьць апазыцыйных палітычных сіл, што дзейнічаюць на тэрыторыі вобласьці: Партыя БНФ, Рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і незарэгістраваная БСДП (Народная Грамада). Старшынём кааліцыі абраны Леанід Аўтухоў, кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ.
Дзёрзкая акцыя ў Віцебску: Нацыянальны сьцяг у гонар Каліноўскага
Малады чалавек на вачох у людзей падняўся на слуп і ўстанавіў там нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта адбылося ў самым цэнтры гораду, каля "Сіняга дому". Акцыя праведзеная ў гонар 150-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Бел-чырвона-белы беларускі сьцяг застаецца дэ-факта забароненым у краіне, пасьля таго як у 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка замяніў яго на чырвона-зялёны савецкі.
Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць Віцебск
Сустаршыні аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД) Паўлу Севярынцу дадзены трохдзённы адпачынак. Як паведамляе сайт БХД, Севярынец выкарыстае адпачынак для таго, каб зьезьдзіць дадому ў Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Дарога зь вёскі Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці, дзе палітык адбывае пакараньне ў спэцкамэндатуры № 7, да Віцебску і назад зойме каля паўтара сутак. Прыкладна столькі ж Павал зможа пабыць дома.
Віцебскі УКБ згубіў амаль паўмільярда на прыватным кантракце
Сьледчы камітэт распачаў новую крымінальную справу па будаўнічых справах КУП «УКБ Віцебскага аблвыканкаму». Крымінальная справа ўзбуджаная па матэрыялах Упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭП) УУС віцебскага аблвыканкаму. Дырэктару прыватнага будаўнічага прадпрыемства ТАА «Саната-Строй» інкрымінуецца зьдзяйсьненьне злачынства паводле ч.6 арт.16, ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэксу Беларусі (пасобніцтва ў перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Віцебскі актывіст Пётар Іваноў дамогся перамогі над РУП «Белпошта» (відэа)
З прычыны несвоечасовай дастаўкі паштовага адпраўленьня Пётар Іваноў зьвяртаўся ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску з патрабаваньнем кампэнсаваць яму маральную шкоду. У судзе работнікі «Белпошты» сваю віну прызналі, прынесьлі заяўніку свае прабачэньні і прапанавалі міравое пагадненьне. Такое пагадненьне было заключанае, і актывіст тут жа ў будынку суду атрымаў ад паштальёнаў 600 тысяч рублёў кампэнсацыі.
У Віцебску ўчынілі аблаву на геяў і лесьбіянак. Ёсьць затрыманыя.
У ноч з 12 на 13 студзеня была ўчыненая аблава на наведвальнікаў віцебскага клюбу «XXI стагодзьдзе», дзе ў той час ладзілі вечарыну прадстаўнікі ЛГТБ-супольнасьці. Супрацоўнікі міліцыі і АМАПу ўварваліся ў клюб і запатрабавалі ад тых, хто знаходзіўся ў ім, стаць ля сьценкі, пасьля чаго распачалі праверку дакумэнтаў. Прысутных здымалі на відэакамэру. Сама меней трое наведвальнікаў вечарыны былі затрыманыя, іх лёс высьвятляецца.
Акцыя БХД у Віцебску: Свабоду народу
Віцебскія актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ўвечары 11 студзеня правялі чарговую акцыю. На чыгуначным мосце па вуліцы Герцана яны вывесілі банэр “Свабоду народу”.
Выканаўцаў выбуху ля віцебскага КДБ пакуль не знайшлі
Паводле слоў прадстаўнікоў Сьледчага камітэту Беларусі, сьледзтва працягваецца, аднак затрыманых падазраваных па крымінальнай справе наконт справы аб выбуху ля будынку віцебскага КДБ няма. Расьсьледаваньнем інцыдэнту займаецца Ўпраўленьне сьледчага камітэту Беларусі па Віцебскай вобласьці. Узбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу «Хуліганства».
На Каляды Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць храм
Павал Севярынец выйшаў на волю. Ён пакінуў спэцкамэндатуру на часовай аснове. Палітзьняволенаму задаволілі заяву на 4-гадзіннае вызваленьне. Гэты час Павал Севярынец знаходзіўся па-за межамі вёскі Куплін. Сустрашыня БХД накіраваўся ў Пружаны. Было гэта ў дзень Раства Хрыстовага. Разам з праваслаўнымі вернікамі, сябрамі і сваякамі Павал Севярынец маліўся у мясцовай царкве.
Кіраўнікоў, што не рэагуюць на крытыку ў дзяржаўных СМІ, прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці
У Віцебскай вобласьці прыцягнутыя да адказнасьці кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацыяў, якія не адрэагавалі на крытыку ў сродках масавай інфармацыі. Пра гэта паведамілі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Беларусі. Факты парушэньняў патрабаваньняў указу № 630 “Аб рэагаваньні службовых асоб на крытычныя выступы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі” выяўленыя Камітэтам дзяржкантролю пры правядзеньні кантрольных мерапрыемстваў па гэтым пытаньні.