Палітвязень Ігар Аліневіч, якога трымаюць ў віцебскай калёніі «Віцьба-3», нядаўна быў пераведзены ў іншы атрад, у які раней трапілі некаторыя былыя начальнікі, міліцыянты, пракуроры і судзьдзі. Паводле Ігара Аліневіча, паводзяцца яны цяпер гэтак, што пра былы высокі статус ніхто б не здагадаўся.

У студзені-лютым 2015 году будаўнікі Віцебскай вобласьці ўвялі ў эксплёатацыю каля 32 тысяч квадратных мэтраў жытла, чым і забясьпечылі вобласьці апошняе месца па краіне.

Набыў моц прысуд у дачыненьні да былога галоўнага бухгальтара Віцебскага цэнтральнага спартовага комплексу. Вэрдыкт суду: пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на пяць гадоў з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тры гады з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь паабяцала ўлічыць прапанову праваабаронцы Леаніда Сьвеціка пры дапрацоўцы праекту нарматыўна-прававога акту, накіраванага на прафіляктыку сацыяльнага ўтрыманства.

У Полацку 21 сакавіка адбылася дыскусія аб магчымасьцях удзелу ў мясцовым самакіраваньні. З палачанамі сустрэліся экспэрты ў галіне самакіраваньня мясцовых супольнасьцяў праваабаронца Леанід Гаравы і юрыст Міхаіл Пліска. Грамадзяне яшчэ маюць магчымасьці ўплываць на прыняцьце рашэньняў на мясцовым узроўні, але гэтыя магчымасьці мінімальныя. Беларусам яшчэ далёка да эўрапейскіх стандартаў ўдзелу грамадзян у кіраваньні жыцьця ў сваёй мясцовасьці і, тым больш, у сваёй краіне.

Завод «Палімір», які ўваходзіць у склад ААТ «Нафтан», спыніў выпуск сынтэтычнага валакна Нітрон-З, аднаго з асноўных відаў сыравіны, якія выкарыстоўваюцца ў беларускай лёгкай прамысловасьці. Прадпрыемства пазбавілася каля 600 працоўных месцаў.

Віцебская вобласьць далучылася да шырокамаштабнай духоўна-асьветніцкай акцыі «Разам – у абарону жыцьця, маральнасьці і сямейных каштоўнасьцяў», абвешчанай Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

У Віцебскай вобласьці 38 службовых асоб гарадзкіх раённых выканаўчых камітэтаў і арганізацыяў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці за дапушчаныя парушэньні падчас правядзеньня працэдур прыватызацыі. Пра гэта паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі.

Актывіста выклікалі ў падатковую інспэкцыю, каб ён даў справаздачу пра свае даходы за апошнія 10 гадоў. Леанід Аўтухоў папрасіў даць дэклярацыю на беларускай мове, аднак яму адмовілі і заявілі, што згодна з пастановай Савету Міністраў дэклярацыі павінны быць толькі па-расейску. Таксама ў выпадку адмовы запаўненьня дэклярацыі актывіста прыстрашылі, што на яго складуць пратакол.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова, працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце выяўленьня ў Дубровенскім раёне ў лістападзе 2014 году трупа мужчыны 1982 году нараджэньня. Ён падарваўся на снарадзе часоў ВАВ. Загінулы захапляўся пошукам боепрыпасаў. Пра гэта сьведчаць паказаньні сваякоў, а таксама знойдзеныя на месцы здарэньня мэталашукальнік, чатыры боегалоўкі ад снарадаў, дэтанатары, фрагмэнты боепрыпасаў.