Пятра Іванова пазбавілі права абскардзіць судовае рашэньне
Пётар Іваноў абскарджваў пастанову судзьдзі суду Першамайскага раёну Віцебску Натальлі Караблінай аб прыцягненьні яго да адміністрацыйнай адказнасьці. Скарга была прынятая. Празь некаторы час Пётар Іваноў атрымаў паведамленьне пра дзень і час разгляду яго скаргі ў абласным судзе. Якое ж было яго зьдзіўленьне, калі, прыйшоўшы ў прызначаны дзень у суд, ён даведаўся, што яго скарга разглядацца ня будзе – ані ў гэты дзень, ані ў які-небудзь іншы.
Суд ня зьлітаваўся з інваліда - распаўсюдніка незалежнай прэсы
Судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Натальля Карабліна адмовіла ў задавальненьні хадайніцтва распаўсюдніку газэты «Віцебскі Кур’ер» Міхаілу Жураўлёву аб растэрміноўцы выкананьня адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу ў памеры 2 500 000 рублёў. Цяпер Міхаіл, які зьяўляецца інвалідам II групы, атрымлівае пэнсію менш за 1 800 000 рублёў і плаціць крэдыт, мусіць ня есьці, ня піць і ўлезьці ў даўгі, каб выканаць пастанову Караблінай аб накладаньні на яго адміністрацыйнага спагнаньня.