Як вынікае з пастановы райсуду, на разбор адміністрацыйнай справы Таццяна Пыцько не з'явілася. На этапе падрыхтоўкі справы – падчас знаёмства з адміністрацыйным пратаколам – сваю віну прызнала часткова.
Таццяна Пыцько – былая жонка віцебскага відэааператара- фрылансера Вячаслава Лазарава. Сёлета ў верасні ў Віцебскім абласным судзе іх абодвух судзілі «за экстрэмізм» паводле адной крымінальнай справы - за супрацу з замежным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) суддзя Яўген Буруноў прысудзіў жанчыне тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Але Вярхоўны суд, разгледзеўшы яе апеляцыйную скаргу, змяніў рашэнне суду першай інстанцыі. У якасці пакарання Таццяне Пыцько пакінулі тыя ж тры гады зняволення, але яна мае іх адбыць, калі малодшай, агульнай з Вячаславам Лазаравым, дачцэ Еве споўніцца тры гады. Зараз жонка асуджанага журналіста на волі, аднак наяўнасць адміністрацыйнага спагнання можа паўплываць на яе далейшы лёс.
21 чэрвеня 2023 г., праз два тыдні пасля таго, як Таццяну Пыцько ўзялі пад варту, беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яе палітычнай зняволенай. 8 снежня 2023г. жанчыну ўключылі ў «спіс экстрэмістаў», які складае МУС – у адзін дзень з мужам Вячаславам Лазаравым. Як вынікае са звестак у пастанове па апошняй адміністрацыйнай справе, пара ўжо ў разводзе.
Вячаслаў Лазараў адбывае пакаранне з Магілёўскай ПК №15. Віцебскі абласны суд асудзіў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 2 і ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Вярхоўнага суду Юрый Руткоўскі перакваліфікаваў дзеянні журналіста на ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і зменшыў тэрмін і ўмовы пакарання – да пяці год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Ларыса Папкова