Чацвер, 16 Верасень 2021

Дырэктара фірмы кінулі на 20 сутак у ІЧУ за БЧБ-сурвэтку ў аўтамабілі. Суддзя – Цыганкова

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Уладзімір Пунько пасля абвяшчэння прысуду Уладзімір Пунько пасля абвяшчэння прысуду

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 16 верасня разбіралі адміністрацыйную справу, заведзеную за «несанкцыянаваная масавае мерапрыемства» (арт. 24.23 КаАП) на прадпрымальніка Уладзіміра Пунько. На яго склалі пратакол за бел-чырвона-белую сурвэтка, якую супрацоўнік МУС пабачыў у салоне аўтамабіля Пунько. Суд палічыў гэта за «несанкцыянаванае пікетаванне» і адправіў уласніка аўто і сурвэткі на 20 сутак у мясцовы ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).

Справу разглядала суддзя Алена Цыганкова. Згодна з пратаколам, 2 верасня Уладзімір Пунько, «знаходзіўся на вуліцы Кірава ў Віцебску, кіруючы аўтамабілем Toyota, у якім на пярэдняй панэлі пад лабавым шклом знаходзілася палотнішча бел-чырвона-белага колеру для публічнай дэманстрацыі на агульны агляд, незарэгістраванае ў адпаведнасці з Законам РБ «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах». Тым самым, паводле пратаколу, мужчына «наўмысна правёў адзіночны пікет без адпаведнага дазволу ўладаў». На думку міліцыянтаў, гэтае пікетаванне «не было звязанае з выбарчай кампаніяй», але ўяўляла з сябе публічнае выказванне «грамадска-палітычных настрояў».

«Гэта проста пераблыталі, калі запісвалі»

На судзе ў якасці сведкі выступіў намеснік начальніка Чыгуначнага АУС Віцебску Дзмітры Курыленка.

Ён патлумачыў, што ішоў з працы і ўбачыў прыпаркаваны аўтамабіль: «Праходзячы міма, звярнуў увагу, што пад лабавым шклом на пярэдняй панэлі ляжыць сцяг бел-чырвона-белага колеру». Пасля гэтага ён сфатаграфаваў аўтамабіль і патэлефанаваў у дзяжурную частку.

Гаспадара машыны затрымалі 8 верасня, але праз суткі адпусцілі, а аўтамабіль арыштавалі і паставілі на паркоўку пры Чыгуначным АУС.

Уладзімір Пунько звярнуў на судзе ўвагу на разыходжанні ў паказаннях міліцыянта: на судзе той заявіў, што не бачыў, як уладальнік машыны выходзіў з яе, а ў пісьмовым апытанні сцвярджаў, што бачыў яго. На што міліцыянт адказаў, што «гэта проста пераблыталі, калі запісвалі». Абвінавачаны таксама звярнуў увагу, што ўказаны хатні адрас міліцыянта з'яўляецца насамрэч адрасам ягонага месца працы. «Не можа ж ён жыць на працы?..» – спытаў ён суддзю. Адказу не атрымаў.

Суддзя: А дзе такія сурвэткі можна купіць?..

Уладзімір Пунько заявіў, што ў ягоным аўто ляжаў не бел-чырвона-белы сцяг, а – простая сурвэтка, якой ён працірае пыл з лабавога шкла. Цэлы пачак такіх сурвэтак яму падарылі яшчэ ў траўні.

«Дзе такія сурвэткі можна купіць?» – пацікавілася суддзя. «У Смаленску», – адказаў Уладзімір. Суддзя таксама зацікавілася, якімі асаблівымі якасцямі «валодаюць дадзеныя сурвэткі». «Сухія ці вільготныя?» – удакладняла. І ў выніку прыйшла да высновы, што з дапамогай той сурвэткі мужчына яшчэ «праводзіў несанкцыянаванае пікетаванне».

Уладзімір Пунько працуе дырэктарам фірмы і прыехаў на вуліцу Кірава ў краму з паліграфіяй, каб купіць бланкі строгай справаздачнасці. У 2020 годзе яго неаднаразова судзілі па адміністрацыйным артыкуле як удзельніка масавых мерапрыемстваў. Гэтак, за чырвоную паласу, якую ён намаляваў у сябе на балконе, яму давялося правесці 7 сутак арышту. Колькасць адбытых за кратамі сутак пераваліць ужо за паўсотні.

Пасля абвяшчэння вердыкту суддзі Цыганковай Уладзіміра Пунько ўзяў пад варту супрацоўнік міліцыі – проста на выхадзе з залы паседжанняў. Адзначым, што супрацоўнік МУС чакаў у калідоры яшчэ ад самага пачатку працэсу, верагодна, ужо ведаючы вынік суду.

Уладзімір Бяляўскі